Падышоў да заканчэння першы канцэртны сезон у новай сталічнай зале “Верхні горад”, што ўзнялася ад падмуркаў старадаўняга храма у гістарычным сэрцы Мінска.  Чатыры вечарыны з разнастайнымі праграмамі (29 снежня, 24 сакавіка, 10 красавіка і 22 мая)  прапанавала слухачам найстарэйшая музычна-адукацыйная установа краіны – Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі. Вынікі гэтага спаткання гісторыі і сучаснасці, старажытнасці і маладосці ўразілі і слухачоў, і выканаўцаў.

Сапраўдны “парад планет” выканальніцкіх магчымасцей і здзяйсненняў маладых музыкантаў, якія з юнацкай непасрэднасцю і энтузіязмам штурмуюць вяршыні прафесійнага майстэрства, разгортваўся перад зацікаўленай і чулай публікай. Навучэнцы каледжу ды іх выкладчыкі зладзілі   рознагалосую і маляўнічую імпрэзу, дзе чатыры канцэрты ладна  склаліся ў чатыры часткі цэласнага  музычнага дзейства. Дзейства тое грунтавалася на розных плынях выканальніцкіх спецыялізацый і розных жанравых накірунках іх існавання, аднак было аб’яднана своеасаблівай, блізкай музычнай кампазіцыіі, драматургічнай логікай. Але пра ўсе  – па парадку.

Частка першая. “Свет Каляднай зоркі”.  Пад такой паэтычнай назвай напрыканцы мінулага года, у самы росквіт каляднага часу, адбыўся канцэрт харавых калектываў каледжу. Ён стаўся   святочным і ўзнеслым музычным прынашэннем цудоўным Калядам.

Магутным харавым парталам  вечарыны успрымалася Меса Франца Шуберта. Яна спалучыла высокім жанрам музычнай літургіі на старадаўні латынскі тэкст пачатак XXI стагоддзя і раннія гады хрысціянства, калі толькі стваралася евангельская легенда і ўсталёўваліся асновы храмавага рытуалу. Працяглы і складаны харавы твор першага заходнееўрапейскага кампазітара – рамантыка быў выкананы аб’яднаным калектывам (спявалі камерны хор каледжа “Канцэрціна” і маладзежны хор “Спеў Белай Русі” Адміністрацыі Партызанскага раёна , дырыжор Аляксей Снітко) прафесійна і натхнёна,  на адзіным подыху.

Сводны хор і рытм-група эстраднага аркестра

Далейшая праграма парадавала слухачоў шэрагам  стылёва і жанрава разнастайных  твораў. Да згаданых выканаўцаў далучыліся яшчэ чатыры(!) харавыя калектывы: хор  навучэнцаў спецыяльнасці “Спевы” – дырыжор Аляксей Снітко; спецыяльнасці ”Акадэмічны хор” – дырыжор Юлія Сікорская; спецыяльнасцей “Фартэпіяна” і “Музыказнаўства” – дырыжор  Дар’я Жыгалава;  вучняў сектара педпрактыкі– кіраўнік Людміла Стульская. Чаргаваліся і зліваліся тэмбры жаночага, змяшанага і дзіцячага хароў, галасы салістаў і музычных інструментаў. У адзінай святочнай колаверці  спляталіся ўзвышаныя, лірычныя, жартоўныя і ўрачыстыя спевы старадаўніх і новых  аўтараў – беларускіх і расейскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх. Вечарына паступова нібы набірала ход, каб “выбухнуць” грандыёзнай кульмінацыяй агульнай радасці і весялосці ў калядным перазвоне  знакамітай “Jingle Bells”, што аб’яднала на сцэне ўсіх удзельнікаў канцэрта.

Так, адпаведна святочнаму часу і даўняй гістарычнай традыцыі харавых спеваў на Божае Нараджэнне, буйны і разнастайны харавы  пралог адкрыў “канцэртную тэтралогію”.

Дуэт ударных Р. Нікалашчанка – А. Мілашэўскі

Частка другая. “Іграем у ансамблі”. Рамантыкай старадаўней сядзібы, веснавым водарам квітнеючага бэзу, юнацкім прадчуваннем кахання, новых сустрэч і даляглядаў жыцця быў прасякнуты наступны канцэрт.  Паэтычны настрой задаўся адразу – вакальным і фартэпіянным  дуэтамі з музыкай Глінкі і Вэбера, лірычнымі вершавымі прадмовамі вядучай канцэрта  Ірыны Лук’янавай. Настрой гэты падтрымліваўся і мацнеў з эмацыйна прыўзнятым гучаннем рамантычных твораў К. Шыманоўскага, С.  Ядассона, Г.  Свірыдава для класічных складаў інструментальных дуэтаў і трыа. Ён адцяняўся танцавальнымі рытмамі больш сучаснай музыкі, якую выконвалі ансамблі духавых і перкусіі. Яго  нібы перастваралі на свой лад набліжаныя да  эстраднага шоу выступленні ансамбляў віяланчэлістаў і скрыпачоў.

Ансамблевая ігра  – асаблівы стан выканальніцтва.  Прыцягальны, бо дае магчымасць сумеснага музіцырвання, і па-свойму складаны, бо трэба ў гэтай сумеснай творчасці знайсці пэўны тон партнёрскіх адносін. Знойдзены ў канцэрце “генеральны” тон лірычнага дыялогу як паміж самімі выканаўцамі, так і  паміж музыкамі і слухачамі  найлепшым чынам спрыяў той атмасферы  юнацкіх мрояў і пачуццяў, што лунала ў зале ўвесь вечар.

Ансамбль цымбалістаў “Залатая струна”

Частка трэццяя. “Вясновы калейдаскоп”. Пасля часткі лірычнай, адпаведна законам класічнага цыкла, надышла чарга жартоўна-жанравага, зухаватага скерца. “Гульнёвыя забавы чалавецтва”, паводле акадэміка Б.Асаф’ева, увасабляюць адпаведныя часткі санат ды сімфоній. Атмасфера бліскучай віртуознай ігры і  гульні – ў самым шырокім сэнсе гэтых слоў – панавала ў трэцім канцэрце. Прадстаўнікі найстарэйшай у каледжы спецыяльнасці дэманстравалі сваё майстэрства ў валоданні народнымі інструментамі. Гучала музыка і традыцыйнага для іх песенна-танцавальнага кшталту, і класіка-рамантычная, і са складанай ультрасучаснай стылістыкай, і эстрадна-джазавага накірунку. Баян, акардыён, цымбалы, балалайка, гітара, домра ды  мандаліна  вялі рэй.

На сцэну выходзілі даўно створаныя і вядомыя ў сталіцы і ў краіне ансамблі цымбалістаў “Беларусачка”(кіраўнік –  Людміла Чысціліна-Кулакова) і “Залатая струна” (кіраўнік –  Ганна Полесава), маладзейшы, але   ўжо знакаміты ансамбль “Take style”(кіраўнік – Таццяна Іванова). Асаблівая  ўвага слухачоў ды  іх сімпатыі былі скіраваныя на салістаў. Усе яны паказалі сябе адданымі музыцы і натхнённымі  выканаўцамі,  выклікаўшы бурныя апладысменты залі . Дарэчы, большасць удзельнікаў канцэрта мае званні лаўрэатаў і дыпламантаў музычных  конкурсаў. Лепшыя з лепшых нядаўна зноў падцвердзілі статус сапраўдных віртуозаў: Віктар Макаранка, Максім Кірыкаў і Анжаліка Невар занялі адпаведна першае, другое і трэццяе месцы ў  VI Рэспубліканскім конкурсе імя І. Жыновіча.

Частка чацвертая. Фінал. У канцэрце  “Да вяршыняў майстэрства” выступілі лепшыя з навучэнцаў каледжа – лаўрэаты і дыпламанты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Яны  ўразілі  артыстычным і прафесійным выкананнем складаных  твораў сусветнай музычнай класікі. Тут былі арыі з опер і віртуозныя інструментальныя фантазіі, высокая поліфанія і лірычныя п’есы.  Надзвычнай выразнасцю захапілі выступленні спевакоў Вольгі Маліноўскай, Дзмітрыя Янчанкі, Дзмітрыя Мулярчыка (лаўрэатаў сёлета адроджанага Адкрытага конкурса маладых спевакоў “Убельская ластаўка” імя Станіслава Манюшкі), Алены Тацьянок. І нават  калі не ўсё ў маладых выканаўцаў выходзіла ідэальна, публіка з павагай і шчырай падзякай прымала ўменне перамагчы сябе, пераадолець хваляванне і давесці да слухача пэўны музычны вобраз.

Дрэнны той салдат, які не хоча стаць генералам. Каб гэткая мара здзейснілася ў галіне музычнага выканальніцтва, трэба прайсці доўгі і цяжкі шлях, на якім аб’ядноўваюцца намаганні педагога і вучня, і талент абодвух памнажаецца на карпатлівую  штодзенную працу.  Удзел у конкурсах, канцэртах, фестывалях – неабходныя прыступкі на  шляху да вяршыняў майстэрства. Гэта і мера прафесійных дасягненняў,  пра якія сведчаць не толькі медалі і дыпломы, а найперш – неабыякавасць публікі ў канцэртнай зале, яе радасць ад сустрэч з новымі імёнамі таленавітай музычнай моладзі.

Алена Каляда

 Варыянт артыкула апублікаваны ў газеце “Літаратура і мастацтва” №25(4671) 22 чэрвеня 2012 г.