Чырвоная вяргінечка ( муз. Н.Сакалоўскага, сл. А.Русака), дырыжор Уладзімір Чэрнікаў

22 лістапада 2017 года ў вялікай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі ў рамках адукацыйнага праекта “Карыфеі беларускага нацыянальнага мастацтва” адбыўся канцэрт, прысвечаны 115-годдзю з дня нараджэння аўтара Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь Несцера Фёдаравіча Сакалоўскага, аднаго з першых навучэнца і выпускнікоў нашай установы адукацыі, удзельніка Вялікай Айчынай вайны.

Мерапрыемства было арганізавана цыклавой камісіяй «Народны хор». Аўтары праекта: Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў – дырэктар установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі», старшыня цыклавой камісіі «Народны хор» Кіра Мікалаеўна Славінская, унучка кампазітара і выкладчык музычна-тэарэтычных дысцыплін каледжа Таццяна Віктараўна Сакалоўская. Матэрыялы з нотнага архіва, а таксама фота і відэаматэрыялы сямейнага архіва кампазітара, прадастаўленыя Таццянай Віктараўнай, былі пакладзены ў аснову відэафільма, у якім гучалі разважанні аб Несцеры Сакалоўскім відных дзеячаў беларускай культуры і мастацтва.

Это слайд-шоу требует JavaScript.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел шераг творчых калектываў каледжа:

– Аркестр беларускіх народных інструментаў (мастацкі кіраўнік і дырыжор Уладзімір Чэрнікаў),

– Мужчынская группа хору спецыяльнасці “Спевы акадэмічныя” (мастацкі кіраўнік і дырыжор Кіра Славінская),

– Народны хор (мастацкі кіраўнік Ганна Мілавідава),

– Духавы аркестр (мастацкі кіраўнік і дырыжор Аляксандр Цярэшчанка).

Раздзяліць радасць свята завіталі ўдзельнікі Народнага хору Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Н.Ф. Сакалоўскага “Радзейка” (кіраўнік Аксана Баруценка), у выкананні якога прагучала папулярная ў 1930-я гады апрацоўка беларускай народнай песні “Як сарву я ружы кветку”. Выканаўцы гэтага калектыву з’яўляюцца навучэнцамі адзінага каледжа ў нашай краіне, якому ў 1958 годзе на падставе Пастанаўлення Савета Міністраў БССР было прысвоена імя Несцера Сакалоўскага.

Аўтар харавых твораў і песень на словы Я.Коласа, Я.Купалы, П.Броўкі, А.Астрэйкі, М.Клімковіча, шэрагу камерна-інструментальных твораў, усё сваё жыццё Несцер Сакалоўскі прысвяціў збіранню, захаванню і папулярызацыі беларускага фальклору, запісаў і апрацаваў больш за 500 песень, танцаў і інструментальных найгрышаў. Адна з такіх песень – «Карагодная» прагучала ў выкананні уладальнiка заахвочвальнай прэмii Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Народнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі.

Несцер Сакалоўскі выступаў не толькі як збіральнік і выканаўца-хормайстар народнапесенных багаццяў, але і як аўтар выдатных твораў для сольных спеваў, якія шматбакова ракрываюць творчую індывідуальнасць аўтара і перш за ўсё яго выдатнае ўспрыманне народнага ў музыцы. Вакальная музыка для сапрана з суправаджэннем “Хлапец кудравы” на сл. А. Вялюгіна прагучала ў выкананні Лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, выпускніцы каледжа Анастасіі Рабцэвіч (выкладчык Вольга Косарава, канцэртмайстар Анжэліка Галянкова).

Лепшыя песні Н. Сакалоўскага з часам набылі значэнне музычных сімвалаў рэспублікі. Па праву трэба лічыць здабыткам мільёнаў удзячных слухачоў у Беларусі і за яе межамі “Песню пра Нёман” на сл. А. Астрэйкі, якая прагучала ў вялікай зале каледжа ў выкананні Лаўрэата міжнароднага конкурсу Ігнація Скарахода і Аркестра беларускіх народных інструментаў (дырыжор Уладзімір Чэрнікаў). Кадры дакументальнай відэахронікі захавалі мастацкі эталон першага выканання песні народным артыстам Савецкага Саюза М. Варвулёвым. Напісаная Н. Сакалоўскім ў 1943 годзе, “Песня пра Нёман”  і сёння застаецца папулярнай і запатрабаванай. Яна гучыць як гімн Радзіме, беларускай зямлі і народу.

Канцэртная праграма да 115-годдзя з дня нараджэння Н. Сакалоўскага ўключала таксама творы камерна-інструментальнай музыкі:

– «Элегію для віяланчэлі і фартэпіяна», якую выканаў ансамбль віяланчэлістаў у складзе А.Пірожнік, Л. Марозова, Н.Сасноўскай, К.Крэсік (кіраўнік Настасся Філіпенка, канцэртмайстар Ірына Хадунова);

– «За прасніцай» – у выкананні Лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Аркестра беларускіх народных інструментаў (дырыжор Уладзімір Чэрнікаў).

Дзякуючы чулым адносінам да фальклору, уменню сумяшчаць традыцыйныя рысы народнай беларускай песеннасці і сучаснага стылявога мыслення, многія аўтарскія песні Н. Сакалоўскага атрымалі прызнанне і выконваюцца як народныя. Сярод іх “Чырвоная вяргінечка” на сл. А.Русака, якую выканала мужчынская група хору спецыяльнасці “Спевы акадэмічныя” Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі ў суправаджэнні Аркестра беларускіх народных інструментаў. “Сродкі, якія выкарыстоўвае кампазітар ў гэтым творы, вельмі блізкія народным песенным інтанацыям. У гэтай песні ёсць таксама інтанацыі прыкарпацкіхнародных спеваў, суровых, аскетычных, нягледзячы на ​​тое, што песня жартоўная “, – адзначыў кіраўнік аркестра, дырэктар сталічнай установы адукацыі Уладзімір Міхайлавіч Чэрнікаў.

Вяршыняй творчасці Несцера Сакалоўскага з’яўляецца яго песня «Мы – беларусы», якая стала гімнам нашай краіны. Песня на словы Міхася Клімковіча была напісана ў 1944 годзе. Яе адразу падхапілі ўсе харавыя калектывы, песня адкрывала ўсе канцэртныя выступленні. У верасні 1955 года песня прагучала як гімн нашай Рэспублікі. Менавіта фінальным акордам канцэрта, прысвечанага 115-годдзю з дня нараджэння Несцера Сакалоўскага, стала выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь на сл.Уладзіміра Карызны з удзелам Канцэртнага хору (кіраўнік Аляксей Снітко) і Духавога аркестра (дырыжор Аляксандр Цярэшчанка) Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі.

Аўтарам музыкі, якая нязменна гучыць вось ужо больш за 60 гадоў, быў і застаецца кампазітар Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі, чалавек  складанага лёсу і выдатнага таленту.

Наталля Кардашова