Зводны хор III Мінскага харавога свята “Спявай, мая сталіца” Галоўны хормайстар і дырыжор – Аляксей Снітко.

Зводны хор III Мінскага харавога свята “Спявай, мая сталіца” Галоўны хормайстар і дырыжор – Аляксей Снітко.

3 мая 2019 года ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылося III Мінскае харавое свята “Спявай, мая сталіца”, прысвечанае 75 – годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 95-годдзю заснавання Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі.

На працягу пяці гадоў Мінскае харавое свята “Спявай, мая сталіца” ўпрыгожвае культурнае жыццё сталіцы, з’яўляецца знакавай падзеяй напярэдадні святкавання гістарычных дат у жыцці краіны і народа. У гэтым годзе III Мінскае харавое свята «Спявай, мая сталіца» арганізована  Мінскім дзяржаўным музычным каледжам імя М.І.Глінкі пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Это слайд-шоу требует JavaScript.

У вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі аматары і прыхільнікі харавога мастацтва мелі магчымасць пачуць музыку, якая кранае нашы сэрцы і выклікае пачуцці ўдзячнасці і глыбокай павагі да ўсіх тых, хто набліжаў Перамогу, а таксама далучыцца да музыкі, якая натхняе і акрыляе, дае магчымасць кожнаму з нас адчуць сябе шчаслівымі людзьмі.

Любоў да Радзімы і музычнага мастацтва аб’яднала харавыя калектывы Дзіцячых музычных школ мастацтваў №1,4,7,9,10,12 г. Мінска, Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі, аркестр рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Чэрнікава, які на працягу кожнага свята, пачынаючы з 2015 года, з’яўляецца актыўным яго ўдзельнікам. Гістарычная старонка правядзення харавых святаў дапоўнілася сёлета гучаннем інструментальнага гурту каледжа пад кіраўніцтвам Алеся Собаля ў складзе Юліі Купрыянавай (гітара), Аляксандра Пінчука (бас-гітара) і самога кіраўніка (ударныя).

У першым аддзяленні канцэрта ў выкананні зводнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі (кіраўнікі – Аляксей Снітко, Кіра Славінская) і аркестра рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор, кіраўнік праекту – Уладзімір Чэрнікаў) прагучалі песні ваенных гадоў Ігара Лучанка, Уладзіміра Алоўнікава, Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага, Ісака Любана, Анатоля Новікава, Кірыла Маўчанава. У сувязі з 75-годдзем з Дня Перамогі, адкрылася свята беларускай народнай песняй “З далёкіх, з краёў”. Упершыню на сцэне Белдзяржфілармоніі ў суправаджэнні мужчынскай групы хору гучаў голас саліста, выпускніка каледжа – Ільі Самаля ў выкананні песні Ігара Лучанка “Памяць сэрца”. У першым аддзяленні канцэрта бралі ўдзел таксама салісты Арына Воляк з песняй Булата Акуджавы “Нам патрэбна адна перамога” і Арцём Хамічонак – “Майскі вальс” Ігара Лучанка.

У складзе зводнага хору, які спяваў на сцэне пад час выканання ўсіх твораў, пачэснае месца займалі творчыя калектывы каледжа: змешаны хор спецыяльнасці “Спевы акадэмічныя” (мастацкі кіраўнік – Кіра Славінская), Канцэртны хор спецыяльнасці “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)” і ўладальнік заахвочвальнай прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі – жаночы камерны хор “Канцэрціна” (мастацкі кіраўнік – Аляксей Снітко).

Другое аддзяленне канцэрта стала сапраўдным феерверкам харавых гучанняў  больш як паўтысячы дзяцей узорных харавых калектываў Дзіцячых музычных школ мастацтваў г. Мінска і Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі. Невыпадкова праграма другога аддзялення свята “Спявай, мая сталіца” адкрылася песняй Алега Храмушына “Колькі нас?” (дырыжор – Аляксей Снітко). Канцэртмайстэрскае мастацтва паказвалі адначасна на дзвюх раялях Марыя Троць і Яўген Гальцаў.

Разам з выканаўцамі слухачы акунуліся ў свет дзяцінства, радасці і прыгод, успомнілі знаёмыя песні Уладзіміра Шаінскага “Калі мае сябры са мной” з кінастужкі “Па сакрэту ўсяму свету” (дырыжор – Алена Барабіцкая), Ігара Лучанка “Дабрыня” (дырыжор – Марына Кашпур, салісты – Андрэй Кучынскі і Арына Рапавец), Яўгена Крылатава “Крылатыя арэлі з кінастужкі “Прыгоды Электроніка” (дырыжор – Вольга Крыпец).

Тэма сувязі пакаленняў гучала ў творах Ігара Лучанка “Пакланіцеся, унукі, дзеду” (дырыжор – Галіна Аерава) і Эдуарда Зарыцкага “Нас яднае хор” (дыражор – Аляксей Клімовіч) у выкананні ўзорнага хору “Дэцыма” і дзіцячага хору “Музычныя пацеркі” Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №10 г. Мінска, а таксама Алены Атрашкевіч  “Час выбраў нас” – з удзелам узорнага хору “Тоніка” Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л. Александроўскай г. Мінска (дырыжор – Аляксей Снітко).

Харавое свята – гэта заўсёды “парад” не толькі спеўных калектываў, алё і хормайстраў. На чале гэтага “спеўнага поля”, створанага навучальнымі ўстановамі ў рамках гістарычных падзей краіны, вылучалася выкананне вядучых калектываў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Міхаіла Глінкі: Канцэртнага хору з творам Міхаіла Глінкі “Спадарожная песня” (дырыжор – Аляксей Снітко) і жаночага хору “Мелодыка” з песняй Уладзіміра Высоцкага “Так здарылася – мужчыны сышлі” (дырыжор – Вольга Крыпец).

Завяршала падзею прызнанне ў любові і захапленні да сталіцы – песня “Мінск” Алены Атрашкевіч на словы Барыса Макарэвіча, праспяваная зводным хорам (дырыжор і галоўны хормайстар свята – Аляксей Снітко) у суправаджэнні канцэртмайстраў – кампазітара Алены Атрашкевіч і Яўгена Гальцова, інструментальнага гурту каледжа пад кіраўніцтвам Алеся Собаля. Падарункам для гледачоў і ўдзельнікаў свята стала асабістае выкананне за раялем кампазітара Алены Атрашкевіч пад час прэм’еры яе новай песні “Мінск” – песні, з якай мы крочым у будучыню нашай сталіцы, маладзеем разам з ёй, спяваем і марым быць шчаслівымі.

Мінск – планета маладосці,
Горад промняў залатых.
Мінск – краіна прыгажосці,
Казка светлая на ўсіх!
(З песні А.Атрашкевіч, сл.Б.Макарэвіча “Мінск”)

 Кардашова Н.А.