РашчынскіАлесь Уладзіміравіч Рашчынскі – адзін з тых, чыё імя нельга не ведаць любому сапраўднаму грамадзяніну сваёй краіны. Кампазітар, фалькларыст, настаўнік, публіцыст, артыст – усё сваё творчае жыццё ён плённа працаваў на карысць роднай Беларусі.

Больш за 400 апрацовак беларускіх народных песень, 8 выдадзеных фальклорных зборнікаў, вакальна-інструментальная музыка для акадэмічных і народных калектываў (араторыя “Смутак памяці”, кантата “Дзіцячыя песні”), музыка для сімфанічнага і народнага аркестраў (Сімфонія, Сiмфанiчная карцiна «Полацкiя вяснянкi», фантазія “З рога – усяго многа” ), камерна-інструментальная музыка для розных саставаў і салюючых інструментаў, вакальная музыка, у тым ліку харавыя творы, ансамблевая музыка, рамансы, музыка да лялечнага тэатра “Сказка о царе Салтане”, 4 метадычныя праграмы для музычных вучылішч і каледжаў, больш за 45 выдадзеных артыкулаў – такую спадчыну пакінуў сучаснікам таленавіты суайчыннік.

Алесь Рашчынскі нарадзіўся ў Лагойску 2 красавіка 1949 года і з маленства цягнуўся да музыкі. Скончыў Мядзельскую музычную школу, Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М. І. Глінкі і Расійскую музычную акадэмію імя Гнесіных па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”, Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці “Кампазіцыя” у класе беларускага кампазітара Яўгена Аляксандравіча Глебава і асістэнтуру-стажыроўку пад яго ж кіраўніцтвам. Выконваў абавязкі музычнага кіраўніка знакамітага зараз вакальна-харэаграфічнага калектыву “Харошкі”, мастацкага кіраўніка і артыста ансамбля “Купалінка”, прымаў удзел у стварэнні канцэртнай праграмы знакамітай у свой час «Жывіцы» з Валянцінай Пархоменка, арганізаваў самабытны гурт-капэлу «Агмень», асновай рэпертуару якога сталі аўтэнтычныя народныя песні.

У 1973 годзе Алесь Уладзіміравіч з аднадумцамі заснавалі першае ў Беларусі аддзяленне “Народна-харавыя спевы” у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М. І. Глінкі. З гэтым месцам звязаны асноўны перыяд творчай дзейнасці кампазітара. Яго настаўніцкі талент ні ў чым не саступаў музычнаму. Больш за 35 год амаль што без перапынку ён выконваў абавязкі загадчыка аддзялення, кіраўніка хора, настаўніка па дырыжыраванні, апрацоўцы і аранжыроўцы народных песень, чытанню харавых партытур і выпусціў у свет больш за 40 прафесіянальных дырыжораў. Алесь Уладзіміравіч натхняў студэнтаў на творчасць: яны выконвалі апрацоўкі або аранжыроўкі вядомых песень пад яго кіраўніцтвам. Мала таго, што натхняў- дык яшчэ і падтрымліваў, ухваляў і заахвочваў іх выкананне на канцэртах не толькі ў родным вучылішчы, але і за яго сценамі.